УЧРЕЖДЕНИЕ ОБРАЗОВАНИЯ «ИВЬЕВСКИЙ ГОСУДАРСТВЕННЫЙ СЕЛЬСКОХОЗЯЙСТВЕННЫЙ ПРОФЕССИОНАЛЬНЫЙ ЛИЦЕЙ» Ивье. Диалог культур |
||||
Пабудаваны ў 1910 г. у цэнтры вёскі. Акаймаваны бутавай агароджай з 3-арачнай неагатычнай брамай. Прыход заснаваны ў 1510 (11) г. польскім каралём Жыгімонтам I Старым. Першапачаткова быў узведзены драўляны касцёл (верагодна, у імя св. Ганны), які згарэў падчас Паўночнай вайны. У 1804 годзе па фундацыі ўладальніка мястэчка графа Гальяша Безбародкі быў пабудаваны чарговы драўляны касцёл, таксама знішчаны пажарам 14.7.1890 г. (на гэтым месцы пастаўлена капліца). Будаўніцтва існуючага касцёла пачалося ў 1900 г. пры дапамозе ўладальніка мястэчка А. Вольскага з удзелам французскіх архітэктараў і польскіх будаўнікоў. Асвячоны ў 1928 г. архібіскупам Р. Ялбжыкоўскім. Помнік архітэктуры неаготыкі. Прамавугольны ў плане будынак з 3-граннай апсідай, сіметрычнымі бакавымі сакрысціямі, квадратным у плане нартэксам, над якім узвышаецца 3-ярусная (васьмярык на 2 чацверыках) вежа, завершаная спічастым шатром. Яго грані ў аснаванні прарэзаны люкарнамі ў высокіх 2-гранных ліштвах з фіяламі ў завяршэнні. Вуглавымі вытанчанымі фіяламі вылучаны і верхнія ярусы вежы. Архаічны суровы характер архітэктуры надае абліцоўка фасадаў гранітнымі глыбамі-квадрамі, якім выкладзены спрошчаныя вуглавыя і прасценачныя лапаткі, стральчаты партал увахода, ліштвы аконных праёмаў, карнізы. Бакавыя фасады вылучаны па цэнтры высокімі стральчатымі ўваходнымі праёмамі, аформленымі неглыбокім рызалітам з 2-гранным шчыпцом у завяршэнні. Першапачаткова дах быў накрыты чарапіцай і меў на каньку над прэсбітэрыем сігнатурку. Інтэр'ер расчлянёны слупамі на 3 нефы, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі. Сцены атынкаваны і раскрапаваны падвойнымі пілястрамі, дэкарыраваны трафарэтнай арнаментыкай. У алтары абразы св. Казіміра, Марыі, Ісуса. Уздоўж сцен – скульптурныя пано на сюжэты Крыжовага шляху Хрыста. Над уваходам – хоры з неагатычным арганам. Бібліяграфія:
igspl.by | вверх | карта | в начало |